Кансультацыя для бацькоў "Мова продкаў і нашчадкаў!"
16.01.2024Што такое родная мова? Навошта нашым дзецям трэба ведаць беларускую мову?
Мова, традыцыі, нацыянальныя каштоўнасці – гэта скарб, якім ганарыцца кожны народ. Прадстаўнікі нацыі ведаюць родную мову, нацыянальную культуру (народныя песні, святы), ганарацца дасягненнямі людзей, якія праславілі краіну, ахоўваюць родную прыроду.
Вельмі важна, каб дзеці з павагай ставіліся да беларускай мовы, а таксама маглі добра на ёй размаўляць. Сучасныя дзеці мала чуюць родную мову у шырокім ужытку, а таму маюць бедны слоўнікавы запас, іхняе маўленне знаходзіцца пад уплывам рускай мовы.
Наша родная старонка, як наша маці, хоча, каб мы заставаліся вольнымі, гаспадарамі свайго жыцця. А гэта магчыма, калі мы будзем шанаваць нашыя карані, тое, што аб’ядноўвае нас, робіць нацыяй.
Далучаючы дзяцей да роднай мовы, мы будзем не толькі садзейнічаць яе абагачэнню, але і развіваць пазнавальныя і інтэлектуальныя магчымасці нашых дзяцей, пашыраць веды пра беларускую культуру. Бо самае дарагое у жыцці – тое, што з ранніх год закладзена у сэрца. І менавіта родная мова – сувязное звяно у далучэнні дзяцей да агульначалавечных каштоўнасцяў, вытокаў народнай мудрасці.
Сёння сам час патрабуе звярнуцца да сваіх вытокаў, зацікавіць дзяцей працэсам пазнання беларускай нацыянальнай культуры, паглыбіць іх веды пра родны край, выхоўваюць пачуццё патрыятызму.
Вельмі важна навучыць дзяцей з павагай ставіцца да беларускай мовы, не сароміцца на ёй размаўляць. Вялікае значэнне мае асабісты прыклад дарослых, бацькоў, людзей, якія жывуць побач з імі.
Цудоўна будзе, калі вы будзеце часцей чытаць беларускія казкі, знаёміць дзяцей з творамі беларускіх пісьменнікаў, развучваць вершы, загадваць загадкі, спяваць беларускія песні, прымаць удзел у беларускіх народных святах.
Давайце дапаможам нашым дзецям авалодаць беларускай мовай. І адначасава будзем абуджаць іх веру у тое, што яны вырастуць патрэбнымі на зямлі людзьмі.
Калыханкі і забаўлянкі
Ад першага крыку немаўляці і да з’яўлення яго дзівосных “энікаў бэнікаў”, “анцаў-цванцаў” дзіця развіваецца і выхоўваецца калыханкамі, забаўлянкамі, пацешкамі, гульнямі і шматлікімі іншымі паэтычнымі творамі, што нараджаюцца мацярынскай любоўю і замілаванасцю да свайго пестунка. Менавіта з гэтых, на першы погляд, просценькіх “баю-бай”, “ладачкі-ладкі”,”сарока-варона” і пачынаецца выхаванне яго вялікасці Чалавека, будучых сапраўдных дачок і сыноў Бацькаўшчыны.
Першымі ў гэтым шэрагу стаяць калыханкі – песні маці над калыскай, калі жанчына, часта занятая нейкай працай, ціханька, замілавана і лагодна, суладна з пагойдваннем люлькі, дакладна у такт яму, напявае свае поўныя мацярынскай пяшчоты імправізыцыі. Любімы вобраз калыханкі – коцік-варкатун. Вось самыя распаўсюджаныя сюжэты: “Ходзіць каток па сяле, носіць сон у кашале”. “Ходзіць каток па вароцях у чырвоненькіх чабоцях”, “А ты, коця, не вурчы”. Сярод іншых шматварыянтных калыханак пераважваюць: “А-а, люлі-люлі, спаць ”, “Люлі-люлі, прыляцулі гулі”.
Калыханкі просценькія па кампазіцыі, з дакладным рытмам. Сюжэт у іх толькі абазначаны, але прысутнічае адпаведнасць, даецца канкрэтная і неабходная узросту малых інфармацыя.
Прызначэнне калыханкі – супакоіць, прыспаць дзіця. Гэта дасягаецца за кошт напеўнасці, пяшчотных гукаперайманняў. Маці хацелася, каб яе дзіця было здаровым, шчаслівым, вясёлым, і гэтае заданне вылівалася у радкі чароўнай мелодыі паэтычнай сілы.
Іншае, чым у калыханак, прызначэнне у забаўлянак, пацешак – развесяліць, падтрымаць у дзіцяці радасныя эмоцыі тады, калі яно не спіць а гуляе.
Калі немаўля прачнецца, яму абавязкова зробяць “Пацягусенькі, пацягушкі”, а потым – “Ласачка, ласачка, дзе была?”. Далей настае чарга “Ладачкі, ладкі”. Спачатку маці вучыць дзіця пляскаць у далонькі, а потым яно ужо само пляскае, як толькі пачуе “Ладкі”. Пры гэтым у дзіцяці хутка развіваецца каардынацыя рытму.
“Кую-кую ножку” – гульня з ножкамі дзіцяці, калі лёгенька у рытм забаўлянкі пастукваюць малога па пятачцы. Першыя урокі мужнасці дзіця атрымлівае, калі “Ідзе каза рагатая, ідзе каза бадатая” з двумя пастаўленымі, як рожкі, пальцамі (“Каго пападу – таго закалю”), казычуць яго. Пазней пачынаецца гуканне дзіцяці на назе над шматлікія “Гойда, гойда, гайдамаш”, “Чук-чук-чук. Паехалі” і многія іншыя.
Унікальная сярод забаўлянак “Сарока-варона” – гульня з пальчыкамі, дзе пальчык хлопчык не атрымлівае кашкі, таму што нічога не рабіў.
Паводле мастацкай формы, забаўлянкі – гэта вершаваныя і рыфмаваныя шмадрадкоўкі, часта у форме дыялогу, жартоўна-гумарыстычнага, вяселага, гарэзлівага зместу. Яны толькі часам маюць элементы мелодыі, а у большасці выпадкаў прагаворваюцца рэчытатыўна, у рытме адпаведнага дзеяння і суправаджаюцца разнастайнымі рухамі, гульнёй з ручкамі і ножкамі, жывоцікам,галоўкай, носікам, ушкамі, вочкамі.
Калыханкі і забаўлянкі, якія дарослыя ствараюць для малых, узніклі і узнікаюць у непасрэднай сувязі з народнай педпгогікай. Яны – першыя эстэтычныя урокі у разумовым, працоўным, маральным і фізічным развіцці дзяцей.