Вершы, пагаворкі пра Радзіму
01.02.2024Пагаворкі пра Радзіму на беларускай мове
У родным лесе і куст родны
У сваёй хаце і вуглы дапамагаюць
Ад душы працуеш – Радзіму мацуеш
Няма смачнейшай вадзіцы, як з роднай крыніцы
Радзіма — маці, умей за яе пастаяці
Чалавек без радзімы, што салавей без песні
Хто радзіме здраджвае, тым народ пагарджае
Кожнаму свой куток мiлы
У сваiм краю, як у раю
Дарагая тая хатка, дзе мяне радзiла матка
Мiлы той куток, дзе рэзаны пупок
Дзе мацi нарадзiла, там i радзiма
Чужбiна не грэець
Чужая старана тугою арана, слёзкамi засявана
Чужая старана -- цёмны лес
Чужбiна не родная матка: хлеба не дасць
Родная зямля -- мацi,чужая старонка -- мачаха
Iдзi ў родны край, там i пад елкаю рай
Усякаму мiла свая старана
Што край -- то абычай, што старана -- то навiна
На чужой старане i вясна не красна
Красуй у прасторы вясновым,
Радзімая сэрцу зямля.
Сагрэтая сонцам і словам
Краіна-матуля мая.
Расквеціў лугі, пералескі
Цвіценнем і радасцю май.
Ляціце да воблакаў, песні.
Квітней, мой абуджаны край.
Хачу я ні многа, ні мала, -
Каб спраўдзіць надзею з надзей,
Каб ты, Беларусь мая, стала
Краінай шчаслівых людзей!
Родны край
О мой любы родны край,
Ты - прыгожы, нібы рай.
І нідзе ў другіх краях
Шчасным быць не змог бы я.
Радзіма
Бор адвечны, рэк разлівы,
Залатыя горы-нівы,
Неба вольнае над імі, -
Гэта ўсё мая Радзіма.
Дом наш, ласкаю сагрэты,
Продкаў мудрых запаветы,
Мова, спеўная надзіва, -
Гэта ўсё мая Радзіма.
Курганы і абеліскі,
Спапялёных вёсак спіскі
І Чарнобыль за плячыма, -
Гэта ўсё мая Радзіма.
Мары смелыя на старце,
Пагранічнікі на варце,
Ясны свет перад вачыма, -
Гэта ўсё мая Радзіма.
Мой край
Мая зямля, мой родны дом
Завецца Беларуссю.
Я знаю: пад тваім крылом
Заўсёды прытулюся.
У час трывогі і бяды
З табою мы адзіныя,
З любоўю шчыраю заўжды
Заву цябе Радзімаю.
Зямля мая
Хлапчук з пабітымі каленцамі,
Па сцежках родных гойсаў я,
І ты здавалася маленькаю,
Мая, над Нёманам, зямля.
За жураўлямі рваўся ў вырай,
Не разумеў тады, малы,
Чаму з такой тугою шчыраю
Гучыць адлётнае "кур-лы".
Ад успамінаў вочы ясняцца
Цяпер, у век немалады,
Бо тут вясёлкі перавясялам
Спавіты лепшыя гады.
Не цешыць прыгажосць чужая,
Як свой куточак на зямлі,
Таму на лёс яны і жаляцца
Ў асеннім небе, жураўлі.
Здаецца, сам лячу над пожнямі,
Твой сын, вясёлы і ў журбе,
Я не змагу да дня апошняга
Адкрыць і ўсю спазнаць цябе.
Такая ты ў жыцці вялікая,
Мая, над Нёманам, зямля, -
Ад хаты матчынай пад ліпамі
Да неба з плачам жураўля.
Наш край
Наш край яснавокі -
З маленства любімы куток.
Тут слова і песні вытокі.
На карце - кляновы лісток.
На радасць жыві і на славу,
Ні гора, ні ліха не знай.
Стой мужна за верную справу,
Наш край!
Адкрыццё
Нарэшце
Я таксама
Убачыў
Мірскі замак,
Нясвіжскі,
Навагрудскі...
А потым -
Пояс Слуцкі.
Гляджу зачаравана:
Уся аперазана,
Нібыта паясамі,
Стагоддзяў галасамі
Любімая Айчына.
Здаецца,
За плячыма
Я адчуваю
Крылы.
А вы
Свой край
Адкрылі?